У мінулы аўторак завяршыліся дні творчых работ ІV Міжнароднага пленэру ганчароў. Удзельнікамі сёлетняга фэсту былі 22 майстры гліны з чатырох краін – Беларусі, Расіі, Літвы і Польшчы, з іх восем – з Гарадной.
Падвесці вынікі, выпрацаваць сумесныя рашэнні па далейшым развіцці і захаванні патомнага рамяства, пачуць водгукі і пажаданні ўдзельнікаў у Цэнтр ганчарства прыехалі намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Сяргей Фёдаравіч Сідарэвіч і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Васіль Андрэевіч Заруба. І перш чым пачалася размова, усе разам прайшлі ў майстэрні, дзе на працягу тыдня кіпела работа, каб палюбавацца вынікамі працы майстроў – іх гліняным цудам. Зробленыя падчас пленэру вырабы папоўняць калекцыю выставачнай залы Цэнтра ганчарства і будуць захапляць наведвальнікаў сваёй арыгінальнасцю і хараством.
Кожны майстар, як і было абумоўлена мэтамі пленэру, спрабаваў сябе ў вырабе мясцовых традыцыйных формаў гаршкоў – мамзэлек, банек – і ангобе збаноў і глечыкаў (пакрыццё вадкай глінай паверхні вырабу да яго абпалу для атрымання больш гладкай паверхні, стварэння рэльефнага малюнка і роспісу). Свой почырк, сваю тэхніку выканання пленэрысты пакінулі ва ўнікальных творах, якія адлюстроўваюць пэўныя сімвалы і паказваюць адметнасць таго краю, дзе жывуць. У кожным з іх – цеплыня рук майстра, часцінка душы і сэрца.
Нас сустрэла “калужская барыня” работы Аляксандра Заборскіх. Хлуднеўская цацка вялікіх памераў упрыгожана рознымі птушачкамі-свістулькамі. Аўтар прадэманстраваў, як гэта працуе.
Уладас Лукашэвічус з Калінінградскай вобласці “пабудаваў” вежу з вокнамі па колькасці ўдзельнікаў і адбіткам рук ганчара.
На сасудзе, які вырабіў Сяргей Молчан, – традыцыйны горн і прозвішчы ўсіх удзельнікаў сёлетняга пленэру на рабочым фартуху майстра. Цікава атрымаўся і сервіз у выглядзе птушкі-чайніка і кубачкаў-птушанят як сімвал мацярынства.
Усе аўтары атрымалі заслужаныя апладысменты.
За круглым сталом удзельнікі пленэру падзяліліся сваімі ўражаннямі. Усе без выключэння дзякавалі за арганізацыю мерапрыемства і магчымасць сустрэцца з калегамі, за атмасферу ўтульнасці і роднасці, якая панавала паміж майстрамі і наогул у вёсцы. Асобныя словы ўдзячнасці гучалі на адрас каардынатара і ідэйнага натхняльніка праекта – загадчыцы аддзела традыцыйнай культуры Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Ларысы Быцко.
У ходзе размовы ўдзельнікі адзначылі станоўчыя змены, якія адбыліся за час правядзення пленэраў, выказалі пэўныя прапановы: як удасканаліць работу Цэнтра ганчарства, на якія арганізацыйныя і тэхнічныя моманты звярнуць асаблівую ўвагу, падказалі шляхі, як прадоўжыць жыццё ўнікальнай мясцовасці. Адным з выйсцяў для вырашэння бытавых праблем гасцей Ларыса Быцко бачыць арганізацыю аграсядзібы, дзе маглі б спыніцца імайстры на час пленэру, і турысты, якія зацікавяцца мясцовасцю і яе традыцыямі.
Падводзячы рысу пад гутаркай за круглым сталом, Васіль Заруба расказаў пра стан спраў у галіне культуры раёна. Сяргей Сідарэвіч адзначыў, што ўбачыў праблемы, над якімі трэба працаваць, і выказаў словы ўдзячнасці ад імя старшыні раённага выканаўчага камітэта Рыгора Васільевіча Пратасавіцкага за высокі ўзровень работ і мерапрыемства ўсім удзельнікам.